Тыдзень роднай мовы

24.09.2022
З 19 па 23 верасня ў Даўгінаўскай сярэдняй школе адбыўся тыдзень роднай мовы пад дэвізам "Як ты дорага мне, мая родная мова!"

Пачаўся Тыдзень акцыяй “Размаўляй са мной па-беларуску”. Арганізатары акцыі, дзяўчынкі 7 класа і настаўнік Бяльковіч А.М., заахвочвалі ўдзельнікаў акцыі размаўляць на беларускай мове сёння і надалей ў паўсядзённым жыцці і прычэплівалі ўсім жадаючым  эмблемы акцыі.

20 верасня адбылася  анлайн-акцыя “Натхнёныя Бацькаўшчынай” .

Вучні 10 класа пад кіраўніцтвам Малашэвіч В.В. прапанавалі ўвазе вучняў 8-11 класаў падрыхтаваныя імі нататкі ў выглядзе відэасюжэтаў  аб лёсах нашых славутых землякоў, закінутых у розныя куткі свету. Гэта асветнікі і мастакі, артысты і палітыкі, вынаходнікі, навукоўцы.

 Першая частка  анлайн-акцыі “Натхнёныя Бацькаўшчынай” была прысвечана славутым вучоным свету, якія з’яўляюцца выхадцамі з нашай роднай Беларусі. І самая значная тут фігура – гэта Барыс Кіт – беларускі асветнік, амерыканскі навукоўца, спецыяліст у галінах астранаўтыкі, матэматыкі, фізікі, хіміі, ганаровы прафесар Мэрылендскага ўніверсітэта ў ЗША, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі.

Было прадстаўлена відэа пра Жарэса Алфёрава - аднаго з найбуйнешых навукоўцаў сучаснасці ў вобласці тэхнікі паўправаднікоў, яго працы атрымалі шырокую вядомасць і сусветнае прызнанне, увайшлі ў падручнікі і манаграфіі.

Вельмі цікавай для вучняў была відэаінфармацыя пра такіх слынных беларусаў, як Якуб Наркевіч-Ёдка, Ігнат Дамейка, Казімір Семяновіч, Напалеон Орда, Марк Шагал, Міхал Клеафас Агінскі.  

Віктарына, праведзеная з вучнямі пасля відэасюжэтаў, дазволіла паўтарыць і замацаваць веды пра знакамітых беларусаў свету.

 

 

21 верасня адбыўся конкурс творчых пісьмовых работ “За што я люблю родную зямлю”.

У конкурсе  прынялі ўдзел вучні 7-8 класаў. Пасля абмеркавання тэмы сачынення дзеці прыступілі да яе творчага асэнсавання. Работы атрымаліся цікавымі, змястоўнымі. Кожны з вучняў падзяліўся асабістымі думкамі аб сваёй шчырай адданасці роднай зямлі, бязмежнай любові да яе і жаданні зрабіць усё дзеля яе шчаслівай  будучыні. Пераможцам конкурсу стаў Сакалоўскі Антон.

22 верасня адбыўся турнір па творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа, прысвечаны 140-гадоваму юбілею класікаў. Мерапрыемства спрыяла абагульненню і пашырэнню ведаў пра слынных песняроў нашай літаратуры, развіццю навыкаў групавой дзейнасці, публічнага выступлення, выхаванню патрыятычных пачуццяў.

23 верасня вучні 10-11 класаў далі старт творчай акцыі “Чытаем Максіма Танка разам”. Юнакі і дзяўчаты прадставілі невялікую прэзентацыю пра паэта, пранікнёна чыталі яго вершы, выказвалі асабістыя адносіны наконт узнятых у творах паэта праблем і пытанняў.

На працягу тыдня ў Даўгінаўскай сельскай інтэграванай бібліятэцы дзейнічала выстава вучэбнай літаратуры па беларускай мове для вучняў рознага ўзросту. На класных і інфармацыйных гадзінах вучні 1-11 класаў разам з класнымі кіраўнікамі наведалі выставу, праслухалі аповяд бібліятэкара  Лісіцы І.П. аб мове і кнігах пра яе, з задавальненнем прынялі ўдзел у прапанаваных конкурсах, атрымалі заахвочвальныя прызы,а таксама ўзялі зацікавіўшыя іх кнігі для самастойнага чытання.