Наперад, гуманітарыі!

15.04.2024
Прадметныя тыдні ў нашай школе – гэта ўжо даўняя добрая традыцыя. Напярэдадні правядзення тыдня гуманітарных навук у красавіку 2024 года – Года якасці – педагогі і вучні адчувалі асаблівую адказнасць. Хацелася ажыццявіць задуманае ў вышэйшай ступені змястоўна, прыгожа і якасна. Радыёэфір у панядзелак 8 красавіка ўрачыста аб’явіў пачатак тыдня – і завіхурыў гуманітарны калейдаскоп!

Адкрытыя вучэбныя і факультатыўныя заняткі, віртуальныя падарожжы і музейныя ўрокі, цікавыя экскурсіі, конкурс чытальнікаў, навуковая канферэнцыя і казачны спектакль – вось нават няпоўны пералік здзейсненых спраў.

Належная ўвага была ўдзелена 80-годдзю Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вучні абмяркоўвалі ваенную прозу беларускіх пісьменнікаў, знаёміліся са славутымі мясцінамі, “цудамі Беларусі”, і знакамітымі героямі роднага краю. А запланаваны ў рамках тыдня ўрок у Вілейскім краязнаўчым музеі прайшоў з удзелам вязняў фашысцкіх канцлагераў і дзяцей вайны. Непаўторныя моманты і сапраўднае выхаванне!

Тыдзень гуманітарных навук пазнаёміў усіх зацікаўленых з вучнёўскімі даследаваннямі ў галіне філалогіі, літаратуразнаўства і краяўзнаўства. Лепшыя чытальнікі школы прадэманстравалі выдатныя ўзоры “жывой класікі”. А завяршылі тыдзень ўдзельнікі факультатыўных заняткаў “Мастацкае чытанне і драматызацыя” павучальным спектаклем на англійскай мове “Залаты ключык”.

Падчас тыдня кожны педагог-гуманітарый Даўгінаўскай школы імкнецца прадэманстраваць свае метадычныя знаходкі, а галоўнае – максімальна раскрыць асобу кожнага дзіцяці. А гэта так важна ў высакароднай справе адукацыі, выхавання і развіцця юнага пакалення беларусаў.