Без права на забыццё

20.02.2024
У лютым 2024 года ў нашай школе ў рамках педагагічнага праекта «Фарміраванне метапрадметных кампетэнцый сродкамі музейнай педагогікі» адбылася метадычная дэкада «Без права на забыццё».

Перад педагагічным калектывам стаяла задача ў рамках свайго вучэбнага прадмета або факультатыўных заняткаў звярнуць увагу вучняў на вялікі ваенны подзвіг беларусаў, на пытанне генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны напярэдадні 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Кожны педагог творча пераасэнсаваў змест вучэбных праграм, і дэкада паспяхова стартавала.

Адкрылі дэкаду настаўнікі пачатковых класаў. Першакласнікі на ўроку матэматыкі за 35 хвілін «прайшлі» дарогамі чатырох ваенных гадоў праз свет лічбаў (настаўнік Садоўская В.Г.), другакласнікі на ўроку беларускай мовы ўспомнілі пра спаленыя беларускія вёскі і працавалі з воблакам слоў пра вайну (Гапановіч В.Г.), у трэцім класе пры вывучэнні літаратурнага чытання адбылося знаёмства з ваеннымі прафесіямі (Мурашка А.У.), чацвёртакласнікі на ўроку пазакласнага чытання абмяркоўвалі кнігі пра сваіх аднагодкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны (Седая І.К.). Змястоўныя прэзентацыі, шчырыя выступленні, малюнкі і вырабы дзяцей, праца з кнігай «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны», хвілінкі прафарыентацыі, «запальванне» імправізаваных агеньчыкаў памяці, прыцягненне музейных экспанатаў зрабілі гэтыя ўрокі незабыўнымі для ўсіх іх удзельнікаў.     

Хочацца асабліва адзначыць  адкрытыя ўрокі філолагаў школы. У 8 класе гэта была беларуская літаратура – «Жураўліны крык» Васіля Быкава (настаўнік Бяльковіч А.М.). Пранікнёнае гучанне прозы майстра слова, аналіз асобных эпізодаў і разважанне пра здраду і вернасць воінскай прысязе, праект «музей у чамадане» выклікалі шчырыя эмоцыі ў кожнага навучэнца і госця гэтага ўрока. А ў 11 класе ўрок беларускай літаратуры быў прысвечаны лірыцы Ніла Гілевіча (Малашэвіч В.В.). Але гэта быў не проста ўрок. А хутчэй шчырая размова выпускнікоў школы пра асобу паэта, яго вернасць роднай краіне і мове, пра старонкі ліхалецця ў яго жыцці і творчасці. Юнакі і дзяўчаты не проста чыталі вершы – яны прапускалі лірыку праз сябе, абмяркоўвалі яе ідэйны змест, нават... спявалі. Але галоўнае – усім ходам урока, вырашэннем SMART-задач адказвалі на ключавое пытанне: «Ці маем мы права на забыццё?»   

Факультатыўныя заняткі «Вялікая Айчынная вайна»  ў 9 класе (настаўнік Пташнік Н.П.) былі праведзены ў форме падарожжа ў мінулае. Вучні рыхтаваліся да выпускога экзамену, апынуўшыся ў ліпені 1944 года. Праз цівавыя факты аб вызваленні Беларусі, з дапамогай музейных экспанатаў, спрабуючы сябе ў ролі гісторыкаў і ваенных экспертаў, яны адчулі тое шчаслівае імгненне, калі наша зямля была вызвалена ад фашысцкай навалы.

Але бадай самымі арыгінальнымі і непрадказальнымі сталі вучэбныя і факультатыўныя заняткі настаўнікаў прыродазнаўча-матэматычнага цыклу. На ўроку фізікі ў 7 класе (настаўнік Малашэвіч У.Л.) вучні не проста рашалі задачы. Спачатку яны знаёміліся з баявой тэхнікай перыяду Вялікай Айчыннай вайны, а ўжо затым разлічвалі пэўныя характарыстыкі самалётаў, танкаў, «кацюш», баявых караблёў. Упэўнены, што падрыхтоўку да гэтага ўрока і яго правядзенне вучні запомняць надоўга.

На факультатыўных занятках па біялогіі ў тым жа  7 класе па тэме «Балоты» настаўнік Шышла Т.В. расказала пра гаючыя ўласцівасці моху сфагнуму, які выкарыстоўваўся ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў якасці перавязачнага матэрыялу і лячыў раны партызанам. Вучні ўспомнілі гісторыю піянера-героя Ціхана Барана, паўтарыўшага подзвіг Івана Сусаніна, а таксама партызанскага яўрэйскага атрада, які дзейнічаў у беларускіх балотах.

На ўроку па медыцынскай падрыхтоўцы (настаўнік Хасяневіч М.І.) дзяўчаты 10 класа не толькі пазнаёміліся з відамі атрутных рэчываў у побыце і аказаннем першай дапамогі пацярпелым, але і ўспомнілі ў рамках вывучаемай тэмы «чорныя» старонкі гісторыі нашай Радзімы, звязаныя са зверствамі нямецкіх нацыстаў над савецкімі людзьмі ў канцлагерах і газавых камерах, аб страшэнных «урачэбных» доследах над дзецьмі розных узростаў.

Акрэсленая тэма дэкады абмяркоўвалася не только на беларускай і рускай мовах, але і на замежнай. Вучэбныя заняткі па англійскай мове (настаўнікі Кратовіч А.А., 5 клас, Машынскі К.Р.,10 клас) праведзены з шырокім выкарыстаннем этнаграфічнага і гістарычнага матэрыялу нашай краіны. Віртуальныя падарожжы па ўсёй Беларусі і нашай сталіцы дазволілі вучням больш глыбока пазнаёміцца з нашымі знакамітымі землякамі, з мемарыяльнымі аб’ектамі, прысвечанымі «вогненнай гісторыі» Айчыны,  у тым ліку, безумоўна, выкананымі і ганаровым выпускніком нашай школы, скульптарам, прафесарам У.І.Слабодчыкавым.

Факультатыўныя заняткі «Школа юнага абаронцы Айчыны» ў 8 класе (настаўнік Леберт В.І.) былі прысвечаны Дню вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Важным этапам заняткаў стала вучнёўская прэзентацыя «Жывая памяць», якая перадае хроніку афганскай вайны. З экрана на вучняў глядзелі твары тых аднавяскоўцаў, якія ваявалі ў гарачых кропках, выконваючы свой інтэрнацыянальны абавязак. Ганаровым госцем стаў воін-інтэрнацыяналіст Анішкевіч Валерый Мікалаевіч – удзельнік ваенных падзей у Афганістане.  Ён расказаў падлеткам пра тыя незабыўныя дні ў сваім жыцці, пра цяжкасці, якія даводзілася пераадольваць па абавязку службы.

Напрыканцы тыдня вучні 6 класа падчас Гадзіны здароўя і спорту (Пратасевіч І.А.) адчулі сябе сапраўднымі патрыётамі сваёй Радзімы, выконваючы мудрагелістыя заданні спаборніцтваў «Спартыўны дэсант», а дзяўчынкі 8 класа на працоўным навучанні падрыхтавалі сувеніры да Дня абаронцы Айчыны (Ільіч А.У.)

Беражліва гартаючы памяць, вучні Даўгінаўскай сярэдняй школы імя У.І.Слабодчыкава на працягу дзясяці дзён ад прадмета да прадмета адкрывалі сутнасць вялікага подзвігу нашага народа ў самыя трагічныя моманты гісторыі. Названыя  заняткі неслі маладому пакаленню беларусаў высокі развіваючы і выхаваўчы патэнцыял. Яны застануцца ў памяці вучняў назаўседы. Але галоўнае, што наперадзе ў кожнага з іх – светлы жыццёвы шлях… без права на забыццё.