Зажги синим!
01.04.20232 красавіка – Сусветны Дзень распаўсюджвання інфармацыі аб праблеме аўтызму. Вілейскі раён прымае ўдзел у Акцыі “ЗАЖГИ СИНИМ” з мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблемы аўтызму, фарміравання павагі і абароны правоў дзяцей і дарослых з парушэннямі аўтыстычнага спектру.
Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Даўгінаўская сярэдняя школа імя У.І.Слабодчыкава” заўсёды актыўна далучаецца да названай акцыі. З вучнямі праводзяцца гутаркі, дыспуты, флэшмобы, арганізоўваюцца паказы відэаролікаў, прычым ўсе дзеці і дарослыя апранаюцца ў адзенне сініх адценняў.
На жаль, грамадскасць не дасканала ведае праблемы людзей з аўтызмам, таму хочацца крыху расказаць пра асаблівасці гэтага парушэння.
Аўтызм – гэта парушэнне развіцця, якое аказвае моцнае ўздзеянне на станаўленне асобы, пазнавальных працэсаў, сацыяльных навыкаў і паводзін чалавека. Да гэтага часу асаблівасці хваробы не вывучаны.
Кожнае дзіця непаўторнае, не падобнае да іншага, але часам бацькі заўважаюць, што іх дзіця не такое, як іншыя. І калі вы бачыце, што ваша дзіця вельмі моцна адрозніваецца ад іншых дзяцей, уважліва прыгледзьцеся да яго, паназірайце за яго паводзінамі. Асабліва звярніце ўвагу на наяўнасць наступных прыкмет у дзяцей:
- не глядзіць у вочы або кароткі позірк у вочы (цяжка “улавіць погляд”, глядзіць як быццам “скрозь”);
- не рэагуе на сваё імя (часам складаецца ўражанне, што дзіця глухое);
- да людзей, якія побач, звяртаецца як да неадушаўлёных прадметаў (карабкаецца па іх, можа зрабіць балюча і рэагаваць на абурэнне і г.д.)
- не цікавіцца цацкамі або гуляе не так, як іншыя дзеці (выстаўляе прадметы ў рад, круціць калёсы машын або дэталі канструктара) пры гэтым моцна засяроджаны сваімі заняткамі;
- не любіць гуляць разам з дарослымі і іншымі дзецьмі, не стараецца быць падобным да дарослых, не паўтарае за дарослымі дзеянні і рухі, адносіны да блізкіх раўнадушныя;
- можа падоўгу хадзіць па пакоі, не затрымліваючы ні на чым увагі, нічым не цікавіцца, калі бярэ які-небудзь прадмет, то тут жа яго кладзе;
- не рэагуе на тое, чым стараюцца зацікавіць яго дарослыя;
- не дзеліцца ўражаннямі пра тое, што зацікавіла або напужала, не стараецца штосьці паказаць родным;
- не звяртаецца з просьбай сам і не выконвае просьбы іншых;
- не выконвае указальны жэст, замест таго, каб паказаць пальчыкам на жадаемае, падводзіць дарослага і тоўхае яго руку ў накірунку зацікаўленага прадмета;
- прыцягвае да сябе ўвагу незвычайным спосабам: хадзьба на пальчыках, своеасаблівыя рухі рукамі, пакачванне, падскокі і іншае;
- можа быць падобным да гіперактыўнага, нявыхаванага, непаслухмянага, нецярплівага дзіцяці;
- цяжка прывучаецца да гаршка, кепска спіць, наадрэз адказваецца ад многіх прадуктаў і напояў;
- незвычайна рэагуе на гукі, боль, пахі, асвятленне, дотык, смак (рэакцыя можа адсутнічаць або быць вельмі моцнай);
- часам можа ўпадаць у істэрыку па незразумелых для дарослых прычынах (плакаць, моцна крычаць, кусаць сябе і блізкіх);
- не любіць перамен у звычайным рэжыме дня, дрэнна рэагуе на змяненне звыклага ўкладу жыцця (настайвае на прагулцы па адным маршруце, захаванні аднолькавых штодзённых “рытуалаў” у гульні, у быце);
- адставанне ў моўным развіцці: не размаўляе зусім або размаўляе мала, часам можна назіраць “прападанне” маўлення, складаецца ўражанне, што не разумее тое, пра што яму гавораць;
- размаўляе сам з сабой, часта паўтарае знаёмыя фразы з мультфільмаў або фразы блізкіх людзей, шмат разоў паўтарае пачутае, гаворыць пра сябе, як пра іншага, не падтрымлівае дыялог.
Хочацца звярнуцца да вас, шаноўныя бацькі. Калі Вы заўважылі ў свайго дзіцяці якія-небудзь з вышэйпералічаных змен, не губляйце час – тэрмінова звяртайцеся да спецыялістаў.