Сустрэча з Уладзімірам Слабодчыкавым

01.05.2022
Напрыканцы красавіка ў Даўгінаўскай сярэдняй школе адбылася цікавая сустрэча з выпускніком 1969 года, вядомым скульптарам, народным мастаком Беларусі Уладзімірам Іванавічам Слабодчыкавым, які ў гэтыя вясновыя дні адзначае свой прыгожы юбілей. Ён прыбыў у школу ў суправаджэнні намесніка начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Вілейскага райвыканкама Валынец Т.Э., дырэктара цэнтра эстэтычнага выхавання Захарыч Т.М., а таксама свайго сына Мікіты.

Сустрэча пачалася звонкімі прывітальнымі словамі малодшых школьнікаў, якія сваёй шчырасцю і непасрэднасцю расквецілі ўсмешкамі твары гасцей і запрасілі іх у школу.

Вельмі зацікавіла У.Слабодчыкава экскурсія па школьным краязнаўчым музеі “Родныя вытокі”. Ён адзначыў, як гэта важна захоўваць нашу культурную і гістарычную спадчыну не толькі ў словах, але і вось так – у рэальных рэчах народнага побыту. З непадробным захапленнем слухаў Уладзімір Іванавіч  гісторыю Даўгінаўскай школы і ўсіх тых школ, якія ўжо зачынены, але працягваюць сваё жыццё ў сценах яго альма-матэр. Народны мастак падзякаваў, што захавалі памяць пра ўсе ўстановы адукацыі. Асабліва яго ўразіла ў музеі школьная парта – якраз такая, якая была ў яго далёкім дзяцінстве, той жа школьны званок… Госць прысеў за парту, і гэта быў вельмі кранальны момант для ўсіх.      

А пасля экскурсіі пачалася ўрачыстая частка ў актавай зале школы. З уступным словам выступіў дырэктар Навуменка І.Н., які адзначыў, што мы вельмі ганарымся сваім славутым земляком, які сваёй працай праславіў не толькі маленькую радзіму, але і ўсю Беларусь. Дырэктар заўважыў, што Уладзімір Слабодчыкаў для ўсіх нас – эталон працалюбства.

На сустрэчы прысутнічаў наш святар айцец Іаан Ліннік, які пажадаў Уладзіміру Слабодчыкаву, каб родная зямля і надалей была для яго крыніцай натхнення.

Вельмі эмацыянальным і прывабным для прысутных стала выступленне Таццяны Захарыч, якая ўжо даўно з’яўляецца сапраўдным прыкладам для нас, дзяўчынак, ў вакале і мастацкім слове. Яна павіншавала юбіляра і выканала песню пра школьныя гады, якая была навеяна ўражаннямі пасля наведвання музея, хаця планавалася выканаць нешта іншае. А затым заіграла на гітары мелодыю “Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались…”, чым згуртавала ўсіх гледачоў і стварыла яшчэ больш цёплую атмасферу ў зале.

Ад імя ветэранаў педагагічнай працы выступіла Панкевіч С.Б., якая ў маладосці працавала ў школе разам з бацькамі Уладзіміра Слабодчыкава, падзякавала за яго дзейнасць на карысць Айчыне. Заўважыла, як бы радаваліся яго бацькі, што выхавалі такога сціплага і таленавітага чалавека.

Мяркуем, што ўсе ўяўляюць, як адказна было нам, дзецям і падлеткам, выступаць у гэты дзень на школьнай сцэне. Мы спявалі, танцавалі і дэкламавалі з асаблівым пачуццём. А яшчэ нас перапаўняў гонар за родную школу, якая выхоўвае такіх людзей, як наш Уладзімір Іванавіч. Так хочацца ў будучым адпавядаць той высокай планцы, якую заявіў наш славуты зямляк.

Уладзімір Слабодчыкаў доўга гутарыў з намі, успамінаў дзяцінства, юнацкія гады, разважаў пра прафесію скульптара, пра сучаснае мастацтва, пра свае шматлікія работы, якія знаходзяцца сёння ў розных кутках Беларусі і далёка за яе межамі, а пасля падзякаваў за цёплую сустрэчу і шчырыя віншаванні і падараваў роднай школе чатыры свае скульптуры: “Рэзгіны” з Даўгінаўскай серыі (арыгінал знаходзіцца ў Траццякоўскай галерэі ў Маскве), “Дзяўчына з залатымі валасамі”, бюст мастака Валенція Ваньковіча і “Тры ўзросты”. Гэтыя творы сталі пачаткам выставы работ скульптара на малой радзіме. Уладзімір Слабодчыкаў адзначыў, што даўгінаўская зямля сапраўды ўнікальная, тут багатая і цікавая гісторыя. Таму наступны свой твор майстар плануе звязаць з жыццём класіка беларускай літаратуры Змітрака Бядулі на даўгінаўскай зямлі.

  

Лізавета Бяльковіч, Лізавета Грыневіч, вучаніцы 9 класа