На радзіме Янкі Купалы

12.04.2022
12 красавіка ў рамках пілотнага праекта старшакласнікі Даўгінаўскай сярэдняй школы накіраваліся на экскурсію на радзіму Янкі Купалы. Мемарыяльны запаведнік “Вязынка” сустрэў падарожнікаў сонечным надвор’ем, непаўторнымі краявідамі, своеасаблівай атмасферай даўніны і творчасці.

З цікавасцю вучні пазнаёміліся з жыццём паэта на радзіме, з творамі, у якіх ён праслаўляе свой родны куточак, пабывалі ў яго хаце і ўбачылі калыску, якая ўзгадавала маленькага Купалу. Асабліва ўразіў вучняў куфар, у якім знаходзіцца… сучасны мультыборд! Дзякуючы гэтай тэхніцы, падлеткі і дарослыя пачулі творы Купалы, песні на яго вершы, “апынуліся” на вязынскім Купаллі, адчулі яго непаўторны каларыт і прыгажосць, а таксама пакінулі водгук аб сваіх уражаннях.

Завяршыўшы экскурсію, падарожнікі яшчэ доўга блукалі па купалаўскіх сцежках, на ўзбярэжжы ракі Вязынкі, дзе ўсё натхняе на глыбокі родум і творчыя парывы.