Тыдзень гуманітарных навук

16.11.2024
З 11 па 16 лістапада ва ўстанове адукацыі адбыўся Тыдзень навук гуманітарнага цыкла, які быў праведзены пад эгідай 80-годдзя Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і набліжэння юбілею Вялікай Перамогі, а таксама ў рамках абласнога педагагічнага праекта па музейнай педагогіцы, які рэалізуецца ва ўстанове ўжо другі год.

Адным з  самых запамінальных мерапрыемстваў тыдня стала літаратурная гасцёўня «Жывыя сведкі вайны». На яе працягу вучні старэйшых класаў знаёмілі сваіх малодшых таварышаў з ваеннай паэзіяй беларускіх класікаў, якія самі перажылі ваеннае ліхалецце. Юнакі і дзяўчаты дэкламавалі, слухалі, разважалі, а таксама рабілі высновы наконт важнасці захавання мірнага жыцця.

На наступны дзень тыдзень працягнула віртуальнае падарожжа па англійскай мове «Цікавыя факты пра Беларусь і Вялікабрытанію». На гэты раз навучэнцы 5-7 класаў убачылі лепшую спадчыну нашай краіны ў галіне навукі, культуры і спорту на экране, пазнаёміліся з цікавымі музейнымі экспанатамі, а таксама сустрэліся з англійскім хлопчыкам Майклам, які расказаў дзецям пра сваю краіну і правёў займальную віктарыну. А завяршылася мерапрыемства рэфлексіяй, якая была прапанавана на цудоўных беларускіх васільках.

З мэтай прыцягнення ўвагі моладзі і падлеткаў да лепшых твораў ваеннай тэматыкі адбылася гадзіна паэзіі «Я родам не з дзяцінства, а з вайны...», прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння адной з самых яркіх паэтак савецкай эпохі Юліі Друнінай. Навучэнцы 9-11 класаў пазнаёмілі сваіх гасцей-падлеткаў з яе насычаным, трагічным жыццём і франтавым лёсам. На працягу мерапрыемства дзяўчаты-старшакласніцы пранікнёна чыталі вершы Юліі Друнінай, пераўвасобіўшыся ў ваенных і медсясцёр, у юнацкія вобразы сваіх прабабуль. Эмацыйны настрой сустрэчы надаў відэазапіс выступу самой паэткі, якая чытае свой верш. Хочацца верыць, што выдатная паэзія Юліі Друнінай застанецца ў кожным юным сэрцы назаўсёды. Аб гэтым гаварылі ўзрушаныя погляды вучняў, слёзы на вачах і  непадробная цікавасць да таго, што адбывалася.

Тыдзень гуманітарных навук прадоўжыў «ФЭСТ. А што гэта такое? Гэта інтэлектуальная гульня, якая складалася з тураў пад назвамі Фальклор, Этнаграфія, Спадчына, Традыцыі. З прапанаванымі пытаннямі па названых напрамках удзельнікі справіліся бліскуча, а таксама значна папоўнілі свае веды ў галіне беларускай культуры.

Тыдзень гуманітарных навук завяршыўся мерапрыемствам па гісторыі «І ў сэрцы, і ў памяці», якое адбылося на базе школьнага музея «Родныя вытокі». Вучні прайшліся па яго экспазіцыях, завіталі ў музейны пакой па генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пазнаёміліся з яго экспанатамі, лічбамі і фактамі перыяду ваеннага ліхалецця ў Беларусі, у Мінскай вобласці, у Вілейскім раёне і непасрэдна на даўгінаўскай зямлі, прагледзелі інсцэніроўкі ваеннай тэматыкі, адказалі на пытанні віктарыны. А завяршылася мерапрыемства незвычайным сюрпрызм – сапраўдным ваенным прывалам з найсмачнейшай салдацкай кашай! Усё гэта запомніцца вучням надоўга.

Хочацца яшчэ раз падзякаваць настаўнікам-гуманітарыям Бяльковіч А.М. і Кратовіч А.А., Малашэвіч В.В. і Пташнік Н.П., якія беражліва захоўваюць нашу спадчыну, памяць пра вайну і гераізм нашых продкаў і так прафесійна фарміруюць ўдзячныя адносіны да іх у падрастаючага пакалення. Няхай гэта ўдзячнасць дзеля далейшага мірнага жыцця ніколі не згасае для юных душ ні ў сэрцы, ні ў памяці.